“Дапаможам вясковым і школьным бібліятэкам!”
Дарагія суайчыннікі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь!
У наступным годзе споўніцца 125 год са дня народзінаў класікаў нашай літаратуры, заснавальнікаў сучаснай беларускай мовы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Жыццё і творчасць кожнага з іх – прыклад самаадданага змагання за родную мову. На жаль, пакуль назіраецца звужэнне поля выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы ў розных сферах нашага жыцця, асабліва ў галіне адукацыі. Пераведзена на рускую мову выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі ў рускамоўных школах, пад пагрозай выкладанне беларускай мовы ў большасці ВНУ, не выдзяляюцца мэтавыя грашовыя сродкі для падпіскі на беларускамоўныя газеты і часопісы школьным і вясковым бібліятэкам.
У сувязі з гэтым і з пачаткам падпісной кампаніі на наступны год мы заклікаем грамадзян Беларусі і нашых замежных суайчыннікаў падпісаць блізкія і вядомыя ім школьныя і вясковыя бібліятэкі, а таксама раённыя музеі на беларускамоўныя выданні (і ў тым ліку на газету ТБМ “Наша слова”).
Мы выказваем шчырую падзяку Федэрацыі беларускіх прафсаюзаў за неаднаразовую падтрымку беларускіх выданняў падчас падпісных кампаній апошніх гадоў. Мы спадзяёмся на беларускіх прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў бізнэсу, якія не пашкадуюць грошай на прапаганду роднага беларускага слова сярод вучняў і студэнтаў, а таксама сярод вясковых людзей і гараджанаў. Толькі дзякуючы нашым агульным намаганням беларуская мова будзе існаваць і пашырацца ў нашай краіне і свеце.