Салігорская гарадская арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны"   Аб нашай арганізацыі Мерапрыемствы што мы ладзім   Наш адрас, нумары тэлефонаў
 

 

Нашы бліжэйшыя задачы і мэты
Мінск, 28 сакавіка 2007

За апошнія месяцы праца сяброў ТБМ у Менску і рэгіёнах значна актывізавалася і ёсць станоўчыя вынікі ў стасунках з уладай. Дзякуючы нашым намаганням і тысячам подпісаў грамадзян Беларусі з’явіўся дэкрэт аб святкаванні 125-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ужо зараз неабходна звяртацца да мясцовых уладаў, каб яны адкрывалі нацыянальныя гімназіі імя нашых знакамітых паэтаў. Нашы сябры ў Магілёве дасягнулі дамовы з мясцовымі недзяржаўнымі тэлеканаламі каб кожны дзень жыхары горада чыталі з экрана вершы Янкі Купалы. І ахвочых шмат.

Актывізавалася гомельская абласная арганізацыя і дасягнула амаль немагчымага. 12 сакавіка яна была зноў пастаўлена на ўлік гомельскім упраўленнем юстыцыі. Было б добра, каб зараз гэта зрабіла і Гомельская гарадская арганізацыя ТБМ.

Таксама мы дамагліся пашырэння выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы на гомельскім гарадскім грамадскім транспарце. Добра працуюць нашы сябры ў Жыткавічах і Жыткавіцкім раёне, у Светлагорску і Мазыры, дзе ў другім квартале дзякуючы Людміле Піскун значна пашырана падпіска “Нашага слова”..

На Берасцейшчыне актывізавалася наша праца ў Баранавічах, Пружанах, Белаазёрску, Кобрыне. Нам удалося разам з ЗБС “Бацькаўшчына” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў, дабіцца таго, што новы храм, які зараз будуецца ў Кобрыне не будзе прысвечаны Аляксандру Сувораву, чалавеку які меў непасрэднае дачыненне да акупацыі Беларусі Расійскай імперыі ў XVIII ст. І будзем спадзявацца, што на Кобрыншчыне зноў адновіцца дзейнасць суполкі ТБМ.

Дзякуючы нашым намаганням у Лідзе і іншых гарадах улады дазволілі адзначыць 450 гадоў з дня нараджэння Льва Сапегі, выдатнага беларускага дзеяча XVI – XVII стст. Таксама ўлады пацвердзілі свой намер паставіць Льву Сапегу ў Слоніме.

Сабрана болей за 1100 подпісаў грамадзян на Лідчыне за адкрыццё ў Лідзе нацыянальнага універсітэта, за вяртанне ў адукацыйныя стандарты ВНУ беларускай мовы за вяртанне выкладання гісторыі і геаграфіі ў рускамоўных школах Беларусі па-беларуску. І трэба адзначыць актыўную пазіцыю ў гэтым пытанні газеты “Звязда”. Трэба прадоўжыць збор подпісаў па гэтым пытанні, пакуль яно не будзе вырашана станоўча.

Шмат подпісаў сабрана ў Віцебску, Полацку, Наваполацку, Шаркаўшчыне і іншых раёнах віцебскай вобласці.

На Меншчыне трэба адзначыць добрую працу сяброў ТБМ на Мядзельшчыне , у Слуцку, Салігорску, Валожыне, Вілейцы, Смалявічах і ў Дзяржынскім раёне. Зараз ідзе падрыхтоўка да правядзення Менскай абласной справаздачна-выбарчай канферэнцыі. У Менску зноў стала выходзіць газета “Новы час” якую заснавала Менская гарадская арганізацыя. Тут найлепш працуюць нашы сябры ў Фрунзенскім, Ленінскім, Партызанскім і Заводскім раёнах. Тут актыўна збіраюцца складкі і ахвяраванні. Актыўна ўступаюць у ТБМ новыя сябры.

Неўзабаве мы надрукуем каляндарыкі да юбілеяў Алеся Гаруна і Янкі Брыля. Але гэта патрабуе пэўных грашовых сродкаў, таксама павялічылася плата за арэнду і асабліва камунальныя паслугі ў сядзібе ТБМ. Таму я вельмі прашу паскорыць збор сяброўскіх складак сяброў ТБМ з Брэста, Пінска, Івацэвіч, Ліды, Ваўкавыска, Воршы, Глыбокага, Пастаў, Горак, Мсціслава, Хоцімска, Жодзіна, Пухавічаў, Мар’інай Горкі, Маладзечна, Цэнтральнага, Савецкага і Маскоўскага раёнаў Менска. Калі своечасова паступяць складкі з рэгіёнаў, мы зможам актыўна працаваць і надалей. Таму за працу сябры!

З павагай і ўдзячнасцю за добрую працу, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.

©2006 - 2007 ТБМ Салігорск              

Бясплатня Хостынг